галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем, захоўваннем і выкарыстаннем крыягенных т-р (ніжэй за 120 К; гл.Нізкія тэмпературы). Да сродкаў К.т. адносяцца ўстаноўкі і апараты для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, вадароду, гелію і інш.) і раздзялення ізатопаў і газавых сумесей нізкатэмпературнымі метадамі, крыягенныя вакуумныя помпы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі звадкаваных газаў (Дзьюара пасудзіны, крыястаты, крыярэфрыжэратары і інш.халадзільныя машыны).
Сродкі і метады К.т. выкарыстоўваюцца ў касм. і ракетнай тэхніцы (стварэнне глыбокага вакууму для касм. трэнажораў і аэрадынамічных труб, атрыманне крыягеннага паліва і акісляльнікаў для ракетных рухавікоў), энергетыцы (звышправодныя крыягенныя генератары, электрарухавікі, трансфарматары, кабелі, устройствы для атрымання звышмагутных магнітных палёў — звышправодныя магніты, саленоіды), электроніцы і вылічальнай тэхніцы (сродкі крыяэлектронікі, квантавыя ўзмацняльнікі і генератары, крыятроны на аснове звышправодных элементаў для апрацоўкі і запамінання інфармацыі, крыя-ЭВМ), медыцыне (сродкі крыятэрапіі. крыяхірургічныя інструменты, сродкі кансервацыі крыві, тканак і інш.), біялогіі (гл.Крыябіялогія), навуцы (прылады крыяскапіі, пузырковыя камеры, прыёмнікі інфрачырвонага выпрамянення), металургіі, сельскай гаспадарцы, харч. прам-сці і інш.
На Беларусі праблемамі К.т. займаюцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» Нац.АН, БДУ і інш.